МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане І стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)